ПРАДМОВА

Творчую спадчыну Напалеона Орды, знакамітага кампазітара, педагога, мастака, якая захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прадстаўляе электроннае выданне, прысвечанае 200-годдзю з дня нараджэння выдатнага дзеяча Беларусі.

Дыск змяшчае кароткія біяграфічныя звесткі пра Н. Орду, бібліяграфічны спіс яго твораў і асноўнай літаратуры аб ім, а самае галоўнае – электронныя копіі яго твораў.

Творчая спадчына Н. Орды ў Нацыянальнай бібліятэцы, у першую чаргу, – гэта збор літаграфій, які ўключае 187 выяў гістарычных мясцін Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны (агульны аб’ём калекцыі разам з дублетнымі літаграфіямі – 312 аркушаў). Гэта амаль поўныя выпускі першай, другой, чацвёртай (амаль поўнасцю беларускай), пятай і шостай серый, а таксама асобныя аркушы з іншых серый, выдадзеных у Варшаве ў 1873–1883 гг. Частка з іх знаходзілася яшчэ ў даваенных фондах бібліятэкі, частка была атрымана з абменных фондаў буйных бібліятэк былога СССР. Так, напрыклад, альбомны варыянт чацвёртай серыі атрыманы ў 1987 г. мінулага стагоддзя з Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына (цяпер – Расійская нацыянальная бібліятэка). Таму на палях і адваротах асобных літаграфій можна знайсці пячаткі самых розных кнігасховішчаў. У калекцыі прадстаўлены 34 літаграфаваныя выявы мясцін Беларусі – Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай губерняў.

Гравюры згрупаваны па краінах: Беларусь, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Украіна. Электронныя копіі гравюр захоўваюць арыгінальныя подпісы на польскай і французскай мовах, з перакладам на беларускую і англійскую мовы, а таксама з указаннем сучаснай адміністрацыйнай прыналежнасці. Для зручнасці карыстання створаны алфавітны паказальнік геаграфічных назваў мясцін, адлюстраваных на літаграфіях.

На дыску прадстаўлены таксама электронныя паўнатэкставыя копіі выданняў Н. Орды – “Grammaire analytique et pratique de la langue polonaise a l’usage des francais”. Paris, 1856 (Граматыка польскай мовы) і “Gramatyka muzyki czyli wyklad rozbiorowy i praktyczny melodyi i harmonii”. Warszawa, 1873 (Граматыка музыкі).

Дыск уключае электронныя копіі некаторых архіўных матэрыялаў. Лісты, што захоўваюцца цяпер у Польскай бібліятэцы ў Парыжы, якія напісаныя Н. Ордай розным знакамітым людзям, былі выяўлены, алічбаваны і перададзены ў 2005 г. у Іванава, на Радзіму мастака і ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

На дыску змешчаны таксама музычныя творы Н.Орды.

Спадчына Н. Орды заўсёды карысталася вялікім попытам чытачоў самых розных катэгорый. Таму электроннае выданне дае магчымасць, з аднаго боку, забяспечыць доступ да унікальнага матэрыялу ўсіх жадаючых, з другога – захаваць арыгіналы.

Выданне прызначана для шырокай аўдыторыі – школьнікаў, студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў, аматараў – усіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай.

CD-Rom падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства, сумесна з аддзелам інфармацыйнага забеспячэння гуманітарнай сферы, аддзелам электроннай апрацоўкі фондаў і выдавецкім аддзелам.