НАПАЛЕОН ОРДА
(Да 200-годдзя з дня нараджэння)

Напалеон Орда, нашчадак двух вядомых беларускіх шляхецкіх фамілій - Ордаў і Бутрымовічаў - нарадзіўся 11 лютага 1807 г. у маёнтку Варацэвічы. Гэта вёска і сёння існуе ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці.
В. Варацэвічы - Сядзібна-паркавы комплекс Ордаў - Гаспадарчыя будынкі. Малюнак Н.Орды (1860)
Бацька - Міхаіл Орда, маршалак Кобрынскага павета, памёр рана - у 1809 г. Маці - Юзэфіна з Бутрымовічаў Орда, адна выхоўвала сына і чацвярых дачок. Атрымаўшы добрую першапачатковую хатнюю адукацыю, Напалеон Орда працягваў вучобу ў слыннай Свіслацкай гімназіі, а ў 1823 г. паступіў на фізіка-матэматычнае аддзяленне Віленскага універсітэта. Аднак, правучыўшыся там усяго паўтары гады, як сябра таварыства "Заран" трапіў пад следства супраць студэнтаў - удзельнікаў тайных дэмакратычных аб'яднанняў філаматаў і філарэтаў. У выніку - выключэнне з універсітэта, 15 месяцаў Віленскай турмы і вяртанне (на нейкі час) у родны дом.
Пачатак 30-х гг. XIX ст. адзначыўся новай хваляй нацыянальна-дэмакратычных настрояў. Шмат прадстаўнікоў беларускай шляхты сталі ў шэрагі паўстанцаў 1830-1831 гг. Сярод іх быў і Напалеон Орда. Пасля разгрому паўстання, ён, кавалер залатога крыжа "Virtuti Militari" не мог застацца на Радзіме. Як і многім іншым паўстанцам прытулак яму дала Францыя. На Беларусь ён вернецца толькі праз чвэрць стагоддзя.
Час эміграцыі стаў для Орды часам актыўнага творчага і грамадскага жыцця. Ён займаецца музыкай і жывапісам, удасканальвае майстэрства ігры на фартэпіяна. Яго талент быў высока ацэнены Ф. Лістам і Ф. Шапэнам. Па іх настойлівых просьбах Орда рыхтуе да выдання ў 1838 г. "Альбом твораў польскіх кампазітараў". Яго паланезы, рамансы, песні карыстаюцца папулярнасцю ў вытанчанай французскай публікі, з захапленнем успрымаюцца на Радзіме. Яго, эмігранта, выбіраюць дырэктарам Італьянскай Оперы - прэстыжнага парыжскага тэатра. Напалеон Орда ўдзельнічаў у рабоце Гісторыка-літаратурнага таварыства і Камітэта польскай эміграцыі, дзе сустрэў Адама Міцкевіча і пасябраваў з ім.
Творчая спадчына Н. Орды сведчыць і пра яго актыўную педагагічную дзейнасць. У сярэдзіне 50-х гг. XIX ст. ім была створана "Граматыка польскай мовы для французаў" (Grammaire analytique et pratique de la langue polonaise a l'usage des francais. Paris, 1856. P. 1; Berlin, 1858. P. 2). Шмат гадоў адным з лепшых дапаможнікаў лічылася яго "Граматыка музыкі" (Gramatyka muzyki czyli wyklad rozbiorowy i praktyczny melodyi i harmonii), якая выйшла ў свет у Варшаве ў 1873 г.
Шматбакова адораны, Орда ўсё ж такі аддаваў перавагу выяўленчаму мастацтву. Жывапіснае майстэрства ён адпрацоўваў у студыі П'ера Жырара (1806-1872), вядомага французскага майстра архітэктурнага пейзажа. Пасля падарожжа па Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Рэйнскай вобласці ў 1840-1844 гг. з'явіўся першы цыкл малюнкаў, прысвечаны помнікам і краявідам гэтых краін.
Была павага, была радасць творчасці, былі жонка Ірэна і сын Вітольд, але не было магчымасці бачыць Радзіму.
Амністыю, як удзельнік паўстання 1831 г., Орда атрымаў толькі ў верасні 1856 г. і нарэшце ўбачыў родныя Варацэвічы, маці, сваякоў. Але дома яго чакала і шмат выпрабаванняў. Ён заставаўся непажаданай для ўлад персонай. Пасля смерці маці ў 1859 г. маёнтак Варацэвічы быў перададзены ў казну, а яму выплацілі грашовую кампенсацыю. Права на валоданне бацькоўскім маёнткам Орда як удзельнік паўстання не меў - яму дазволілі толькі арэндаваць маёнтак. У 1862-1863 гг. ён жыве ў Гродне, потым на Валыні.
"Альбом гістарычных відаў..."
Напалеон Орда падтрымліваў ідэі паўстання 1863 г., хоць непасрэднага ўдзелу ў ім не прымаў. Тым не менш, у 1866 г. яго арыштавалі, і ў 1867 г. ваенна-палявы суд прыгаварыў 60-гадовага Орду да высылкі ў аддаленыя губерні Расіі. Праўда, потым справа была перагледжана і прыгавор адменены. Яго выпусцілі з Кобрынскай турмы, але права на арэнду маёнтка Варацэвічы было адабрана.
Энергію і здароўе апошняга перыяду жыцця Орда аддаваў жывапісу, музыцы, педагогіцы. Нягледзячы на ўзрост, ён з ранняй вясны да позняй восені нястомна вандруе і замалёўвае ўбачанае. Орда аб'ехаў і абышоў сотні гарадоў і мястэчак, сядзіб і вёсак Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і інш. Вынікам падарожжа па Гродзеншчыне сталі 144 малюнкі, з іх Гродна прысвечана 34. Шмат работ было прысвечана Валынскай і Кіеўскай (177), Мінскай (64), Віленскай (50) губерням, крыху менш - Віцебскай (35), Магілёўскай (15). У 1878 г. мастак адзначаў, што за час падарожжаў пабываў у 9-ці губернях, зрабіў 800 малюнкаў. Нават у апошнія гады жыцця, калі яму ішоў восьмы дзесятак, Орда наведвае Галіцыю, асобныя месцы Польшчы.
Галоўная тэма жывапісных работ мастака - гісторыя і прырода. У малюнках Орды незвычайна спалучаюцца дакладнасць гістарычнага дакумента і паэтычнага твора. Забудовы гарадоў, мястэчак, вёсак, храмы, палацы, замкі, сядзібы, мемарыяльныя мясціны... Цяпер многіх, замаляваных ім помнікаў, ужо не існуе, што павялічвае каштоўнасць яго мастацкай спадчыны.
Апошнія гады, вяртаючыся з вандровак, Орда жыў у сястры Гартэнзіі Скірмунт у Пінску. Там жа знаходзілася і яго калекцыя. Ён марыў аб выданні сваіх прац, хоць гэта і патрабавала значных сродкаў. Яшчэ большай за фінансавую была цяжкасць пераадолення цэнзуры. У сакавіку 1880 г. начальнік Мінскага губернскага ўпраўлення паведамляў, што "мешчанін Орда займаецца чарчэннем нейкіх планаў, па чутках, нашых крэпасцей, якія перасылае за мяжу". Відавочна, ваенную тайну прадстаўлялі замкі ў Лідзе, Міры, Медніках і Навагрудку...
Помнік Н.Ордзе ў Іванаве. Фота А.Сушы
Першая серыя яго "Альбомаў гістарычных краявідаў ..." (Album widokow historycznych…) выйшла ў 1873 г. у варшаўскай друкарні Максіміліяна Фаянса. За дзесяць год, з 1873 па 1883, паводле яго малюнкаў і акварэляў выйшла восем серый "Альбомаў" з 260 літаграфіямі. Яны былі выдадзены з матэрыяльнай дапамогай сяброў і знаёмых, але ў асноўным за кошт аўтара. Прыбытак за выданне, як і за свае музычныя канцэрты, Орда раздаваў на дабрачынныя мэты. Апошняя, восьмая серыя, выйшла ўжо пасля яго смерці. Ён заканчваў падрыхтоўку яе выдання ў апошнія дні свайго жыцця, пераносячы цяжкі боль.
Памёр Напалеон Орда 26 красавіка 1883 г. у Варшаве, куды паехаў з Пінска падлячыцца і паклапаціцца пра выданне "Альбомаў". 30 красавіка ён быў пахаваны згодна з завяшчаннем на роднай зямлі, у фамільным склепе касцёла ў Янаве (цяпер г. Іванава Брэсцкай вобласці).
Калекцыю яго малюнкаў (977 аркушаў) сваякі перадалі ў 1886 г. Нацыянальнаму музею ў Кракаве, дзе яна захоўваецца і цяпер. Арыгінальныя творы Напалеона Орды захоўваюцца таксама ў Нацыянальным музеі ў Варшаве (29 малюнкаў), у Бібліятэцы Асалінскіх у Вроцлаве (2 малюнкі), у Нацыянальным музеі Літвы (3). Асобныя аркушы Орды можна знайсці і ў іншых установах і прыватных калекцыях.
Больш шырока распаўсюджаны літаграфіі, але поўныя камплекты ўсіх васьмі серый сустракаюцца рэдка. У Беларусі найбольшая калекцыя літаграфій Н. Орды захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, асобныя - ў фондах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея і інш.
Рэпрадукцыі з малюнкаў Н. Орды друкаваліся ў XIX ст. у часопісах "Tygodnik ilustrowany", "Tygodnik powszechny", "Klosy" і інш. Імі праілюстраваны шматлікія сучасныя выданні - энцыклапедыі, даведнікі, выданні па гісторыі, архітэктуры і г.д. З упэўненасцю можна сказаць, што без спадчыны Напалеона Орды гісторыя беларускай культуры мела б сёння намнога больш "белых плям".
Памяць пра выдатнага творцу - піяніста, кампазітара, педагога, мастака - ўшанавана на яго Радзіме, у Беларусі. У 1997 г. у г. Іванаве Брэсцкай вобласці Н. Ордзе быў устаноўлены помнік работы скульптара І. Голубева. Юбілейная дата нараджэння Н. Орды ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.